Сяргей Балахонаў. Вальтэр рэкламуе

Рэклямнікі часьцяком перабіраюць меру. То ў плюгкасьці, то ў арыгінальнасьці. У гомельскіх рэклямных блёках міжволі спатыкаешся аб спасылку на Вальтэра, які нібыта раіў прыхільнікам белага і чырвонага піць, але не запівацца. Гэта францускі мысьляр эпохі Асьветніцтва сказаў пра францускае віно. А наш такі свойскі і міленькі ролік рэклямуе напоі тутэйшага вінзаводу. Калі б цытавалі Някляева, яшчэ можна было б зразумець: кожнаму сваё лёсу вастрыё. Ну а Вальтэр… Дзіва, што за Эклезіяста не ўзяліся. Канчаткова сваімі мудрошчамі вінзавод дабіў па-за тэлеэтэрам. Ён у нас мала не ў сярэдзіне гораду месьціцца і ў пэўнай сваёй частцы плотам неабстаўлены. Ад ходніка да заводзкае сьцяны ўсяго адзін скок любога выдатніка па фізкультуры. І вось ля ходніка зьявіліся колькі невысокіх — цяляці па прычыннае месца — слупкоў з шыльдамі. Здалёк нагадвае папярэджаньне пра падземны электрычны кабэль. Ды зблізку ты ўбачыў няхітрую прыпіску: «ОХРАННАЯ ЗОНА. 2 м» і незнарок крутнуў галавой па бакох, ці нямашака паблізу якіх-небудзь людзей з аўтаматамі Калашнікава, што пільнуюць твой крок. Пашанцавала. Пашанцавала і другі раз, калі ўбачыў надпіс, адрэдагаваны чорным маркерам нязнанага жартаўніка: «ЭРОГЕННАЯ ЗОНА. 2 м». Прывітаньне Вітаўту Чаропку.