Андрэй Хадановіч. Вучуся хадзіць

“Калі ты пачнеш пісаць дзіцячыя вершы?” –
пытаюцца ў мяне.

А я не ведаю.
Я шчэ вельмі далёкі ад пісьменнасці.

Покуль я толькі вучуся хадзіць,
трымаючыся за твой вазок.
Толькі вучуся ў цябе першым словам.

Раней я думаў, што сіла –
гэта калі падымаеш цяжкую гантэль,
потым пудовую гіру,
потым двухпудовую…
Цяпер я падымаю на рукі твой вазочак
і спускаю яго па сходах, але так,
каб ты не прачнулася.

І добра, што навокал дождж,
а я без парасона,
усе акуляры ў кроплях
і мінакам не відаць,
што ў мяне зараз на вачах.

Але да дзіцячых вершаў
гэта не мае ніякага дачынення,
бо табе чытаць пра такое,
дзякуй Богу, яшчэ не цікава.