Абрэвіатура Гэ Пэ гучыць глуха…
У Гэ Пэ была “хабза”. У ёй – “хабзайцы”, якія вучыліся на механізатараў шырокага профіля. У сямідзесятым я не разумеў што за такі шырокі профіль. Нашыя хлопцы тады яшчэ мелі гонар і там не вучыліся. “Хабзайцы” менш чым па трое-чацьвёра па пасёлку не швэндаліся…. “Хабзайцаў” мясцовыя білі паўсюль дзе толькі тыя трапляліся на вочы. А за што? Не ведаю – такая завядзёнка была. Мне дванаццаць, сябру чатырнаццаць. На “хабзайцаў” мы натрапілі побач з бальніцай. Двое ўцяклі, адзін разгубіўся і застаўся. Невысокі, апрануты ў зімовы палітончык, шапку шэрую казённую, кірзовыя боты. Мы ішлі на яго з намерам пабіць і ён гэта зразумеў. Ён – малы “хабзаец” пачаў адыходзіць да пабеленага бальнічнага паркана, прыціснуўся да яго спінаю. Твар скрывіўся, на вачаў заблішчэлі слёзы. Адлегласць была ў тры крокі. І тыя крокі ні я, ні мой старэйшы сябар не зрабілі. Хлопец сцяўся, нібыта на каленцы вырашыў упасці перад намі, а калі выпрастаўся, то выхапіў з-за халявы бота нямецкі штых-нож. Вялікі і цяжкі, з цёмным лязом і бліскучым джалам… Не нажа мы спалохаліся, а позірку… Так глядзіць, і, быццам, не бача, змяя.