Райнер Марыя Рыльке. І будуць на зямлі пладзіцца людзі (пер. В. Сёмуха)

І будуць на зямлі пладзіцца людзі,
і не сатрэ іх часу плынь у прах,
і ўсьцелюць злагадай зямныя грудзі,
як ягады духмянасьцю ў барах.

Яны шчасьлівыя; яны ў адчаі
ад ліўняў не схаваліся пад дах,
яны пажнуць яшчэ свае ўраджаі
і пакаштуюць сьпеласьці ў пладах.

Яны навек падоўжацца ў бяздоньні
за край багацьця марнага зямлі
і ўздымуцца высока, як далоні
ад працы адпачылыя, калі
усіх саслоўяў людзі зьнемаглі.