Анка Упала. Уклясыкі: Колас, Купала і пачэсны пасад

«Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!» ― набраў Купала на клавіятуры і задумаўся. У гэты час да яго прыйшоў Колас, сказаў: «Пасунь азадак, жывёліна», сеў з Купалам на адно крэсла і таксама ўтаропіўся ў манітор:

― А што такое «пасад»?

― Сам думаю. Я ведаў, але забыўся. Нешта тут не так.

― Вядома, не так! Можа, ты хацеў напісаць «пасат», а не «пасад», можа, памылка ў цябе? У сэнсе: «Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны фольксваген-пасат між народамі!»

Колас адсунуў млявага Купалу ад клавіятуры і выправіў «пасад» на «фольксваген-пасат».

― Вось. Зусім іншая справа! Хоць трохі лагічна. Эх ты, класік! ― Якуб па-сяброўску пабумкаў Купалу па галаве.

Уначы Янку не спалася. Увесь час круціліся ў галаве радкі пра фольксваген-пасат, які мусіць заняць Беларусь.

― Да чаго «пасат»? Гэта ж не беларускі аўтамабіль… Можа, лепей было б «трактар Мінскага трактарнага завода “Беларусь”»?

Купала ўзняўся, уключыў кампутар і паправіў тэкст: «Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны трактар Мінскага трактарнага завода “Беларусь” між народамі!» Сеў на ложку.

― Дрэнна. Дрэнна-дрэнна-дрэнна-дрэнна. Да таго ж, па два разы паўтараецца «Беларусь» і «трактар». Нядобра. Лепей пакінуць усё, як было.