Візма Бэлшавіца. Нататкі Індрыка Латыша на палях ‘Лівонскай хронікі’ (пер. В. Сёмуха)

З прычыны эканоміі эфірнага часу пры чытаньні гэтай міні-паэмы быў апушчаны тэкст эпіграфа: фрагмента зь “Лівонскай хронікі”. Тут: тэкст падаецца цалкам. (Васіль Сёмуха)

было
гэта
ад
зачацьця
Госпада
ў
чэраве
года
1212
і
біскупа
14
Навароту
яго
з
палом
нікамі
рада
валася
ўся
ліўская
абшчына

і
паслаў
біскуп
вестку
па
ўсіх
латгаль
скіх
і
ліўскіх
землях
і
па
землях
па
Даўгаве
і
па
Гаўе
і
абраў
вялікае
і
моцнае
войска

але
лівы
і
латгалы
якія
суць
най
люцейшыя
за
ўсе
люды
іншыя
ня
здоль
ныя
як
слуга
ў
Еван
гельлі
зьліта
вацца
з
свайго
садруга
ня
зьлічона
многа
людзі
парэзалі
і
“не Калі”
каторых
жонаў
і
не
пашкадаваўшы
ў

і
ў
селішчах
нікога
пашка
даваці
¤
…і
паднесьлі

біскупу
галаву
Акона
ву
як
пра
перамогу
і
вялікай
радасьці
ён
узьнёс
падзя
каваньне
Госпаду
і
такім
чынам
–
неўтай
моўны
і
скім
справам
адданы
люд
паведзены
стаў
голасам
Хрыстовым
крок
па
кроку
да
таго
ярма
Гасподняга
і
адкінуўшы
сваю
цемру
люд
зь
глядзеў
на
ісьціны
які
Хрыстос
“Яны”
у
праўдзівым
наіціі
і
леньні
нічога
апроч
праўды
ня
мовіў
нікому
ў
даброць
і
ўва
благасьць
нікому

– – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – –
– – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – –
Вада крынічнай праўды ад маны
Даўно збрадзіла. Смагі не спатолю.
Сарваныя заўчасна з дрэў зелепаны
Аскомай фальшу зводзяць сківіцы. Да болю.
Сумненьняў позьніх чаша — цераз верх.
Рым прагне, як раўнівая матрона,
Каб што ні крок, любоўнай прагі зьвер
Належаў ёй… І ўжо вачмі шпіёна
Чытае між радкоў, што ёй заўчасна
На сэрца кволае рабіць замах.
Зьнямеў талмач. Мысьліцель строіць блазна.
Плывуць у Рыгу куршаў лайбы ў снах.
– – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – –
– – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – –
Не даплывуць — я ведаю. Іначай кроў
Пральецца марна. Над мурамі енк праляжа,
Усе, на вогнішчах замоўкнуўшы, памром,
Пасечаныя косьці — попелам і сажай

стануць.

– – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – –
– – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – –
А лайбы ўсё плывуць. Жанчны ўсё пяюць.
– – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – –
– – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – –
Рэкі ня шумецьмуць.
Знэньдзяцца мужчыны.
Дзеці перачырванеюць
За бацькоў нішчымных.

Кроў праліта дарам.
Воран выпіў вочы.
Пад чужым бацькі штандарам
Служаць іклам воўчым.

Рэзкі ўзьлёт сякеры.
Бель бярозы ніцай.
Толькі — ўзмах рукі ў паветры —
Слухайце, чужынцы!

Лёгка сьсекчы дрэва.
Цяжка драць рукамі
З глебы гнеў наш — з каранямі.
Ваша ўлада — камень.
– – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – –

Хачу згарэць! Ахвяраваць апошнім сконам!
Век доўгі быў. Празрэньне — міг кароткі ў ім.
Мой найвышэйшы абавязак, бацькаў гонар —
Угору ўзьнесьціся на полымі крутым,
Несправядлівасьць выкрычаць, якой ва ўгоду
Жалезам дух высмальвалі майму народу
Бязьвіннаму.
– – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – –
– – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – –
А можа, справядліва?
– – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – –
– – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – –
– – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – –
О здрадніцкі народ, ці варта на мячы
Мне бараніць цябе і паміраць напуста?
Народ сабачы! З міскі кроў сваю хлябчы,
Табе жарсьцвяк у торбу, а ня хлеба луста.
Пі кроў сваю! Каменьне на абед!
Віляй хвастом! Ты заслужыў кавалак.
Народ паслугачоў! Ад радасьці хрыбет
Аж кволіцца, калі ад панскіх палак
Вішчаць браты. Вышчэрвай свой імпэт,
Каб прысмактацца да крывавай раны,
Бо, як у муках брат пакіне сьвет,
Табе на шыю будзе — знак пашаны
І панскай ласкі.
Больш няма апор,
Бо сьсечана жыцьцёвай моцы дрэва.
Трыумф Закона!
Сам сабе тапор
Ты выкуеш, як выпадзе каму патрэба,
Калі абрыднеш пану мызай ты, сатрап.
О, дзе той Юдаў сук, —
павешуся я першы,
Я твой, народ рабоў, найгоршы раб,
Бо крыжакам прадаў вантробы, меч і вершы.
– – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – –
– – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – –

Далікатна, як па мёдзе,
панаў конь ідзе.
Голаў ноччу ў мёд крывавы
бацькава ўпадзе.

Срэбрам, золатам меч блісьне,
блісьне і крывёй,
Блісьне, пырсьне над грудзямі
ў мацеркі маёй.

Як шаўковы, сьнежна-белы
ў майго пана плашч.
Як пад яблынькаю чорнай
сястрын моўкне плач…
Шпоры ў бокі, конь у скокі —
як смыліць каню…
А за панам галавешкі,
дым і шал агню.

Толькі час укрые ў сьвітках
запісы слугі,
Шкадаваў як Саваоф нас,
пан Бог дарагі,

І Марыя шчэ святая —
цноты яркі квет.
Ах, пад яблынькаю чорнай
крык сястрынскі ў свет!
– – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – –
– – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – –
Пішу, а слоў няма ў душы крывавых!
Каб полымем шугалі ўверх з паперы.
Чытай, Ісусе, будзе воля з намі.
Хлусьнёй страчу, падманам дзеля веры.
Твая, Ісусе, будзе воля з намі.
Адзіны Бог і мова. Люд адзіны.
Я бачу землі латышоў цьвікамі
Ў крыжы тваёй пакутлівай гадзіны.
Ды што табе, лагодны, да жалобы,
Купальскіх красак, дайнаў нашых, гора?
Ня ў кветках галава — асьцём цярновым
Мы ўвенчаны… І наш дзірван распора
Над мозгам і касцямі продкаў дзіда.
Ні почуту пра іх, ні мысьлі — анізваньня.
Нібы паганскі захад сонца — наша гібель,
І ў беспахібнасьці ідэі Рым паўстане
Над белым светам…
– – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – –
– – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – –
– – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – –
О, зрабі, каб ведаў выйсьце
Слуга твой верны. Вельмі шкода мне,
Што бунт супроць цябе, пакутны Хрысьце.
Ты, зняты з крыжа фальшу, спарахней
Пад ступаком твайго раба нямога.
– – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – –
– – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – –
Разьвеяў вецер попел — і зь нічога
Яны паявяцца, спытаюцца: чаго
Клянеш люд імем Госпада свайго?
Ці ж мала бед, што ганьбу, безгалоўе
Ты наша бэсьціш? Ці ж ня досыць
Глумілі нас? Дальбог, скажу ім зноў я:
– – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – –
– – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – – –
Крычы, народзе! Гніся! Я на раны
Табе пасыплю солі, каб папомніў.
Дармо. Гадуйся ў болі, гневам апантаны,
Які сьвяцей за дараваньня промні.
Памру! Каб адрадзіўся ты! Зьбірай
Запашвай гора, сьмерць, ганебны сорам
І лямантуй! Жалезам сьлёзы хай
У час расплаты стануць! І крывавым морам
Зло паглынецца. Рукі слабнуць; позна
За крыўды зыскваць і караць зло громам.
Бо слова — меч двусечны мой, абапал востры,
Над іхняй доляй і над тваім домам.