Тадэвуш Дамброўскі. Лётаюць тут без перапынку гэтыя ікары… (пер. М. Пушкіна)

***

лётаюць тут без перапынку гэтыя ікары, я
ужо не звяртаю ўвагі, – кажа араты, не
адрываючы позірку ад глебы, рук ад плуга.

я не люблю тут лавіць, бо часта ўлазяць у сетку
гэтыя ікары і трэба выблытваць з петляў
рукі і ногі, – кажа рыбак. Усе

балбочуць пра лятучых людзей, дык я часта гляджу
у неба, але ніколі яшчэ не бачыў,
– прызнаецца пастар. Я запісваю іх словы

ля ўваходу ў метро і бачу, як на сходах
спатыкаецца п’яны мужчына

і ляціць уніз